Вялікі тэатр Беларусі далучаецца да мерапрыемстваў, што ладзяцца ў год юбілею класіка беларускай літаратуры Ўладзіміра Караткевіча: 1 снежня на нашай сцэне – опера «Сівая легенда». Гледачы могуць атрымаць запрашальныя квіткі на гэты вечар.
На Беларусі Бог жыве –
І няхай давеку жыве.
Ул. Караткевіч
26 лістапада, нарадзіўся класік беларускай літаратуры Ўладзімір Караткевіч. «Так супала, што ў часы асноўных зменаў у нашай сучаснай гiсторыi менавiта кнiгi Караткевiча дапамагалi ў чорныя гадзiны сумненняў i роспачы, – пісаў Адам Глобус. – Кожная беларуская сям’я мусiла мець ягоны дзевяцiтомны збор твораў. У гэтым сэнсе Караткевiчу пашанцавала больш за iншых. Карыстаючыся сучасным вызначэннем, можна сказаць: Караткевiч – культавы пiсьменнiк. Але, добра ведаючы дзядзьку Валодзю, думаю: яму б не спадабалася такое вызначэнне. Таму напiшу iнакш... Уладзiмiр Караткевiч – легендарны беларускi лiтаратар…»
У гэты год Вялікі тэатр Беларусі таксама далучаецца да шматлікіх імпрэз, праектаў, праграм, выстаў, якія ладзяцца ў музеях, бібліятэках, кінатэатрах, галерэях і г.д. да 90-годдзя з дня нараджэння Караткевіча. 1 снежня гледачы пабачаць сапраўдны шэдэўр нацыянальнай оперы – «Сівую легенду» Дз. Смольскага. На сцэне паўстане Магілёў XVII стагоддзя. «Гэта опера – адна з лепшых і арыгінальных у Вялікім», – пішуць музыкальныя крытыкі пра «Сівую легенду», лібрэта да якой напісаў сам Уладзімір Караткевіч. XVII стагоддзе – час непрыступных замкаў, паляванняў, нобіляў, радавітых шляхціцаў… І ўсё ж такі гэта гісторія – пра каханне, якое вышэй за ўсё і пра якое ствараюцца легенды…
1 снежня на сцэне беларускага Вялікага – зоркі нашага тэатра: Аксана Волкава, Ніна Шарубіна, Сяргей Франкоўскі, Уладзімір Громаў. За дырыжорскім пультам – Алег Лясун.