16+
Фёдар Дастаеўскі.
Трагіфарс
паводле аднайменнай аповесці.
Вялікая сцэна.
Прэм'ера - 18 красавіка 2023 года.
Мар’я Маскалёва імкнецца вырвацца з шэрага жыцця ў правінцыйным гарадку, трапіць у далёкую прывабную сталіцу і адначасова хоча ўладкаваць выгаднае замужжа для сваёй вытанчанай дачкі Зіны. Нечакана ў горадзе з'яўляецца багаты і ўплывовы Князь. Толькі ж вельмі шаноўнага ўзросту! Акрамя таго, на руку і сэрца Зіны прэтэндуе малады, але зусім не паспяховы Павел Мазглякоў. Маскалёва зробіць усё магчымае, каб выйграць латарэю лёсу і атрымаць шчаслівы квіток у новае жыццё. Але ці атрымаецца?
Творы Дастаеўскага будуць актуальныя заўсёды. Рэжысёр спектакля Ніна Обухава ўпэўненая, што немагчыма дасягнуць сапраўднага шчасця, калі першапачаткова ўнутры цябе шчасце не жыве. Пад уплывам знешняга свету чалавек губляе сваю ўнутраную сутнасць, не заўважае, што поспех, багацце, улада, пошук забаў і славы – гэта толькі сон. Замест дабрыні, шчырасці, любові ўсё мацней праяўляюцца гонар, самалюбства, зайздрасць, крывадушнасць, хлусня. І ў гэтым сне, у лабірынце ілюзій блукае сутнасць чалавека, гіне, знікае... Каб захаваць чысціню душы – трэба ўважліва паглядзець унутр сябе, прызнаць недахопы і ў выніку абараніць права быць сабой, вярнуцца да сябе сапраўднага.
Тэатральныя творцы Коласаўскага тэатра, разам з Дастаеўскім, закахана і адначасова бязлітасна – з гумарам, іроніяй і нават сарказмам – даследуюць у трагіфарсе «Дзядзечкаў сон» сутнасць чалавека, яго жарсці і апантанасці, яго змаганне са знешнім сном.
Працягласць спектакля - 1 гадзіна 10 хвілін.