Драма-пераасэнсаванне
Прэм’ера – 8 мая 2025 года
Пяць пакояў у маскоўскай камунальнай кватэры. Пяць абсалютна розных жанчын. Анфіса, Вольга, Ада, Панька, Капа. Розныя прафесіі, беды, лёсы, праз якія прайшла навала Вялікай Айчыннай вайны, забрала блізкіх людзей... «Удовін параход» – так называюць суседкі сваё агульнае жытло.
Анфіса Громава прысвяціла, ахвяравала сваё жыццё сыну Вадзіму, які нарадзіўся і выхоўваўся ў страшныя гады вайны. Але хлопчыку, а потым і падлетку не падабалася гэтая любоў, ён клікаў маці «яна», ставіўся да яе нібыта да трэцяй асобы. «Яна душыць мяне сваёй любоўю» – яго самае частае выказванне. Калі Анфіса памірае, Вадзім вяртаецца ў камуналку, у халодны пакой, дзе адчувае невыносную адзіноту... І ўсё роўна працягвае вінаваціць маці ў сваіх няшчасцях. Лагодныя суседкі накрываюць стол і на памінках стараюцца расказаць Вадзіму тое, чаго ён не ведаў раней. У юнака з’явіўся шанц паглядзець фільм свайго жыцця, убачыць яго быццам збоку, пераасэнсаваць кожны дзень, кожны свой учынак. Галоўнае пытанне ў тым, ці скарыстаецца ён гэтым шанцам...